Мария Мироновна Зинкевич скончалась 4 декабря 2010 года в Минске.У суботу, 4 снежня пайшла з жыцця заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, адна з найстарэйшых актрыс Купалаўскага тэатра Марыя Міронаўна Зінкевіч.
У тэатр яна прыйшла пасля вайны, у 1945 годзе, і больш за шэсцьдзесят год аддана служыла яму. За сваё доўгае творчае жыццё яна сыграла мноства выбітных роляў, сярод якіх: Агата, Адэлька ("Паўлінка" Я.Купалы), цёця Каця ("Хто смяецца апошнім" К.Крапівы), Ганна Чыхнюк ("Выбачайце, калі ласка!" А.Макаёнка), Кацярына ("І змоўклі птушкі" І.Шамякіна), Застрамілава ("Брама неўміручасці" К.Крапівы), Сарока ("Людзі на балоце" І.Мележа), Каця ("Пяюць жаваронкі" К.Крапівы), Аксана ("Таблетку пад язык" А.Макаёнка), Матрона ("Жаніцьба Бальзамінава" А.Астроўскага), Аксюта ("Плач перапёлкі" І.Чыгрынава), Паліна ("Трыбунал" А.Макаёнка), Маруся ("Парог" А.Дударава), Ягадка ("Амністыя" М.Матукоўскага), Клава ("Лявоніха на арбіце" А.Макаёнка), Каспарыха ("Выклік багам" А.Дзялендзіка), Ганна ("Вечар" А.Дударава), Грыпіна ("Ажаніцца - не журыцца" бр.Далецкіх, М.Чарота).>
“Не ведаю, колькі яшчэ пражыву. Прашу Бога толькі аб адным — каб не быць ні для каго абузай. Трэба, каб чалавек спакойна сыходзіў з жыцця. Пышнае пахаванне, гучныя словы — усё гэта нічога не дае, толькі пакутуюць родныя і знаёмыя. Правільна некалі казаў артыст Леанід Быкаў, які пісаў пра сваё пахаванне: "Няхай нехта адзін скажа слова "Бывай!", не трэба цырку, які завецца ўшанаваннем, дзербалызніце проста, хто колькі можа…" Мне здаецца, гэта правільна. Я хачу памерці дома. Ужо дамовілася, каб мяне пахавалі на могілках у Карзюках, побач з мамай, бацькам і сынам сястры, які памёр падчас вайны. Я нават пра месца ўжо дамовілася. Праўда, могілкі там закрытыя, не надта дагледжаныя, але мяне гэта не палохае — усё ж такі родныя мясціны. Спадчыны ў мяне ніякай няма, золата і грошай — таксама. Лецішча не маю — толькі вось гэтую кватэру. А жыццё ў мяне было вельмі цікавае. Нават больш скажу — дзівоснае.”
Менавіта так сказала Марыя Міронаўна ў інтэрв’ю “Народнай волі”, калі ёй было 85 год. Яна пайшла з жыцця ва ўзросце 86 гадоў у сваёй кватэры на вуліцы Кальварыйскай. Пахавана ў Карзюках, побач са сваімі бацькамі.
Светлая Вам памяць, Марыя Міронаўна. Это интервью взято с сайта театра им. Я Купалы